БАБУЛЯ
мая бабуля
ня ведае болю
яна думае што
голад – гэта ежа
галота – гэта багацьце
смага – гэта вада
яе цела як вінаград абвілася вакол палкі
яе валасы як пчаліныя крылцы
яна глытае сонечныя зайчыкі таблетак
называе інтэрнэт тэлефонам ў амерыку
яе сэрца стала ружаю – яго толькі і можна
што нюхаць
прыціскаючыся да яе грудзей
больш ад яго ніякага толку
толькі кветка
яе рукі як ногі бусла
чырвоныя палачкі
і я сяджу на кукішках
і выю ваўком
на белаю поўню тваёй галавы
бабуля
я кажу табе: гэта не боль
гэта так моцна цябе абдымае бог
цалуе і коле сваёй няголенай шчакою